Меню Закрыть

Выбары як люстэрка дэмакратыі

Канстытуцыя

Найбольш важныя пытанні правядзення выбараў павінны быць адлюстраваныя ў Канстытуцыі, лічаць сябры Грамадскай канстытуцыйнай камісіі.

У ліпені на платформе Сумленны выбар стартавала кампанія «Народная Канстытуцыя». У яе межах беларусы будуць дамагацца вынясення на рэспубліканскі рэферэндум распрацаванага Грамадскай канстытуцыйнай камісіяй праекта Канстытуцыі. Пра запатрабаванасць праекта сведчыць ужо тое, што сёння пад агульным зваротам больш за тры з паловай тысячы подпісаў.

Зразумела, найбольш важнае для Беларусі пытанне – гэта правядзення сумленных выбараў. Яно знайшло адлюстраванне ў праекце Канстытуцыі.

Пра змены распавёў сябра рабочай групы Грамадскай канстытуцыйная камісіі, кіраўнік камісіі АГП па палітычных пытаннях Леў Марголін.

– За час удзелу ў выбарах у якасці кандыдата, назіральніка і каардынатара выбарчага штаба, я пераканаўся, што выбары – гэта люстэрка дэмакратыі. Калі ёсць цвёрдыя правілы, і ўсе ўдзельнікі іх выконваюць, значыць, дэмакратыя дзейнічае. Калі няма даверу да выбараў, да выбарчай сістэмы, то няма і дэмакратыі. Я не думаю, што кожныя 17 гадоў трэба цалкам мяняць Канстытуцыю. Хутчэй, гаворка ідзе аб унясенні зменаў.

– Якія канкрэтна змены адносна правядзення выбараў прапануе Грамадская канстытуцыйная камісія?

– Па-першае, гэта сістэма фарміравання заканадаўчай улады. У адрозненне ад цяперашняга парадку, калі ўсе дэпутаты абіраюцца па мажарытарнай сістэме, яны будуць абірацца напалову па прапарцыянальнай сістэме. Гэта значыць, што кожная зарэгістраваная палітычная партыя, кожны палітычны блок палітычных партый зможа вылучыць спіс сваіх кандыдатаў па адзінай шматмандатнай агульнадзяржаўнай акрузе. І народ будзе галасаваць за гэты спіс. Галоўная адметная рыса прапарцыянальнай сістэмы ў тым, што чалавек можа выбіраць не паміж людзьмі, якіх ён нават не вельмі добра ведае, а паміж ідэямі. Пры мажарытарнай сістэме, калі дапусціць, што ў нас у краіне 55% прыхільнікаў левых поглядаў і 45% правых поглядаў, то парламент будзе абсалютна левым, бо ў кожнай асобнай акрузе пераможа прыхільнік левых поглядаў. Калі ж у нас будзе прапарцыянальная сістэма, то прыхільнікі правых поглядаў атрымаюць амаль палову месцаў у парламенце.

Акрамя таго, ліквідуецца двухпалатны парламент. Маецца на ўвазе Савет Рэспублікі, які абіраўся не на прамых выбарах. І не вельмі зразумела, навошта ён быў патрэбны, акрамя як у якасці чарговага засцерагальніка для Лукашэнкі. Такія верхнія палаты ў парламенце бываюць звычайна там, дзе краіна мае федэратыўнае дзяленне або дзяленне па іншым прыкметах: нацыянальных, веравызнання. Г.зн. там, дзе трэба аб’ядноўваць асобныя рэгіёны. Наша краіна адзіная ў гэтым сэнсе. І на гэты конт у нас ніякага рознагалосся не было – двухпалатны парламент Беларусі абсалютна не патрэбны.

Далей гаворка ідзе аб фарміраванні выбарчых камісій. У нас галоўная праблема, і пра гэта скажа кожны беларускі выбаршчык, – гэта Лідзія Міхайлаўна Ярмошына, якая ўжо больш як 25 гадоў узначальвае Цэнтральную выбарчую камісію. У ёй ўвасобіліся ўсе адмоўныя рысы, датычныя выбараў і выбарчай сістэмы. І гэта справядліва. Кіраўніка ЦВК прызначаў асабіста прэзідэнт, хоць па Канстытуцыі 1994 года гэта была прэрагатыва парламента. І мала таго, што ён прызначаў старшыню камісіі, у выпадку, калі раптам Лідзія Міхайлаўна захварэе, не факт, што яе паўнамоцтвы пяройдуць да намесніка ­– выконваць яе абавязкі будзе той, каго зацвердзіць прэзідэнт. Таму намі быў цалкам зменены прынцып фарміравання Цэнтральнай выбарчай камісіі. Ён не ідэальны, але там зроблена спроба адвесці Цэнтральную выбарчую камісію ад уплыву ўсіх галін улады і зрабіць дастаткова незалежнай.

Таксама зменены прынцып фармавання камісій на месцах. Раней яны фармаваліся мясцовымі органамі ўлады, якія непасрэдна прызначаліся і падпарадкоўваліся Лукашэнку. Гэты прынцып мы мяняем кардынальна. Г.зн. адказнасць за фарміраванне ніжэйшых камісій будуць несці вышэйшыя. Вышэйшыя камісіі будуць іх рэгуляваць і адказваць за іх.

Яшчэ адзін важны момант – усе чальцы камісій будуць працаваць на прафесійнай аснове. Я маю на ўвазе Цэнтральную выбарчую камісію. Гэта не будуць людзі, якія дзесьці чымсьці займаюцца, а перад выбарамі збіраюцца разам і пачынаюць кіраваць.

Шмат змен трэба ўнесці і ў Выбарчы кодэкс. Апрача пытання фарміравання камісій гэта датычыць датэрміновага галасавання і працэдуры падліку галасоў. Усё гэта трэба распісаць у заканадаўстве. Наперадзе шмат працы.


З праектам Канстытуцыі можна азнаёміцца  на сайце Грамадскай канстытуцыйнай камісіі.

Падзяліцца

НОВЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ