Меню Закрыть

Анатоль Лябедзька: Я не ў эміграцыі

Анатоль Лябедзька

Экс-старшыня АГП, дырэктар Цэнтра даследаванняў і прагнозаў развіцця «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька зараз жыве і працуе па-за межамі Рэспублікі Беларусь.

Аднак свае цяперашняе месцазнаходжанне лічыць часовым, а рашэнне з’ехаць – абгрунтаваным.

– Што прымусіла вас узяць квіток і пакінуць Беларусь?

– Прычын некалькі. Першая і, відаць, самая галоўная – просьба маіх родных і блізкіх. За гэтыя дзесяцігоддзі ім давялося прайсці праз многае. І ўсе гэтыя праблемы так ці інакш ствараў я і мая дзейнасць. Таму я ў вялікім неаплатным даўгу перад сваімі роднымі, блізкімі і павінен паважліва ставіцца да іх меркавання. Яны папрасілі мяне на нейкі час працягнуць працу, маю дзейнасць па-за межамі краіны. Я зрабіў гэта. Добра гэта ці дрэнна – пакажа час. Зараз нам усім, вядома ж, сумна, але яны спакойныя за мяне. За тое, што са мной нічога не здарыцца: не загучыць трывожна кнопка званка і ў чарговы раз не скажуць, што я затрыманы, арыштаваны, збіты.

Другая акалічнасць – гэта бяспека.

– Ці існуе пагроза вашай свабодзе, здароўю, жыццю?

– Я хацеў бы спадзявацца, што такіх рызык і пагроз не існуе. Але разам з тым я разумею і дакладна ведаю ў якой краіне жыву. Цяпер час канцэнтрацыі палітычнай бязглуздзіцы і палітычнага бязмежжа. А гэта азначае, што гарантый бяспекі няма не толькі ў мяне, але і ў 99 асоткаў грамадзянаў нашай краіны. Вядома ж, я браў пад увагу і тое, што ў мяне на працягу года былі два адміністрацыйныя арышты на 15 і 30 сутак. А нашае заканадаўства змянілі такім чынам, што трэцяе адміністрацыйнае правапарушэнне аўтаматычна прыводзіць да ўзбуджэння крымінальнай справы. Мне гэта трэба? Вядома ж, не. Дарэчы, 23 кастрычніка адна мая адміністрацыйная «запазычанасць» гэтай уладзе скасаваная. Гэта няхай і маленькая, але прыемная навіна.

Аднак прагназаваць паводзіны беларускіх сілавікоў немагчыма. Калі мяне затрымалі апошні раз, то падпалкоўнік паабяцаў, што я хутка з’яўлюся перад ім на допыце. І гэта звязана з дзейнасцю канала АГП-ТБ. Я павінен быў прыняць да ўвагі і гэты фактар.

Хачу адразу зазначыць, што мяне цяжка напалохаць СІЗА. Але ў гэтай сітуацыі аддаваць свой асабісты час на сядзенне ў нечалавечых умовах я не лічу нейкай прыкметай гераізму.

– Вас ведаюць як дзеяча, які заўсёды ў руху, у працы…

– І гэта трэцяя акалічнасць, якую немагчыма абысці. Для мяне праца – гэта важны складнік.

Я не збіраюся адмаўляцца ні ад сваіх поглядаў, ні ад сваёй пазіцыі, ні ад сваіх адзнак таго, што адбываецца ў нашай краіне. Але прыйшло ўсведамленне, што ў Беларусі нармальна і эфектыўна працаваць немагчыма. Апошнім часам я мог планаваць толькі адзін дзень. А 7-й гадзіне раніцы за табой не прыйшлі – ты плануеш, што зможаш зрабіць за дзень. Далей надыходзіць трывожная ноч. Да 7-ай раніцы неспакой, перажыванні. Потым зноў плануеш чарговы дзень. Гэта складаны графік працы. Да таго ж усё адбываецца ў стане пэўнай самацэнзуры, падбору словаў і вялікай заціснутасці. Таму працаваць у Беларусі мне было вельмі складана і цяжка. Цяпер я магу працаваць. Магу планаваць свой час. І раблю гэта на тыдзень, на два, на месяц наперад. І я вельмі задаволены, калі напрыканцы дня я праглядаю свой працоўны план і бачу, што 5-7 пунктаў, якія я планаваў, зробленыя.

– Чым вы займаецеся цяпер?

– У мяне тры прыярытэты. Першы – гэта праект новай Канстытуцыі Беларусі. Я лічу, што гэта незвычайна важная справа для новай Беларусі, краіны ў якой мы ўсё жадаем жыць. Зараз мы на фінішнай стадыі. На гэтым этапе вельмі важна ўключыць ў абмеркаванне праекта як мага большую колькасць грамадзян Беларусі. А таксама атрымаць экспертнае заключэнне Венецыянскай камісіі,  іншых арганізацый, якія займаюцца экспертызай такога кшталту праектаў. Гэта важна, гэта трэба, і я буду гэта рабіць.

Другі напрамак – праца з парламенцкай супольнасцю. Я з’яўляюся дэпутатам Вярхоўнай Рады 13 склікання, якая валодае легітымнасцю да сённяшняга дня. З гэтай думкай я жыў і так ці інакш падтрымліваў адносіны з парламентарыямі розных краінаў, міжнароднымі арганізацыямі. Даваў каментары, рэкамендацыі, якія потым бачыў у шматлікіх дакументах і рашэннях. Зараз займаюся гэтым больш мэтанакіравана, больш сістэмна, і лічу сваёй задачай стварыць міжнародную супольнасць парламентаў і парламентарыяў, якая працуе па беларускім парадку дня. Я бачу ў гэтым гэта вялізны патэнцыял, які паспрыяе пазітыўным зменам.

Трэці накірунак – гэта інфармацыйныя праекты. Цяпер я менш з’яўляюся на канале АГП-ТБ, але для мяне гэта па-ранейшаму важна. Мне гэта цікава. Гэта мой асабісты час, маё хобі. Шмат людзей мяне падтрымліваюць. Ёсць праекты, якія мне падабаюцца. Гэта і “Партрэтная галерэя”, і “Актуальныя размовы”, і дыскусіі па пэўных накірунках ды пытаннях. Так што і як блогер я застаюся ў інфармацыйнай прасторы.

Падзяліцца

НОВЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ