Меню Закрыть

Эксперты: Інфляцыя будзе расці

Станіслаў Багданкевіч

Інфляцыя па выніках кастрычніка склала 10,5%, заяўляюць прадстаўнікі Нацбанка. Рэальная лічба вышэй, упэўнены незалежныя эксперты.

Афіцыйная інфляцыя па выніках кастрычніка бягучага года склала 10,5 адсоткаў. Між тым Нацыянальны банк плануе ўстанавіць мэтавы паказчык інфляцыі на 2022 год не больш за 6 адсоткаў. Пра гэта паведаміла начальнік упраўлення даследаванняў і стратэгічнага развіцця Нацбанка Наталля Мірончык.

«Тое, што сёлета мы перавысілі 6 адсоткаў гэта невялікая частка агульнай карціны, інфляцыя з’яўляецца наступствам грашова-крэдытнай палітыкі», – кажа экс-старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

Па меркаванні Багданкевіча, «галоўнае пагаршэнне будзе адбывацца на ўзроўні коштаў, на ўзроўні інфляцыі».

«Нават калі Нацбанк і не ўключыць друкарскі станок, будзе абмяжоўваць грашовую масу, інфляцыя будзе расці, – кажа эксперт. –  Прагназую, што інфляцыя, як мінімум, будзе адлюстроўвацца двухзначнай велічынёй – адсоткаў 15. Але інфляцыя будзе значна вышэй, калі дзейная ўлада будзе прымушаць Нацбанк рабіць безрэсурсныя эмісіі».

На думку Багданкевіча, у такіх варунках нават вялізная дапамога з Расіі не зможа пакрыць усе пралікі і страты беларускай улады, таму трэба чакаць пагаршэння сітуацыі і зніжэння ўзроўню жыцця.

Эканаміст Леў Марголін бачыць відавочную тэндэнцыю на далейшы рост інфляцыі. На яго думку, не выключана, што беларускія ўлады паціху ўключаюць друкарскі станок.

«Асноўны фактар раскручвання інфляцыі – павелічэнне грашовай масы. Кошты растуць не толькі на тавары ў крамах, растуць кошты на жыллё, на кватэры. Гэта сведчыць аб тым, што грошай у абароце больш, чым прапануецца тавараў. Але рабіць адназначныя высновы складана, бо мы не валодаем усёй інфармацыяй, – кажа Леў Марголін. – На вялікія абароты друкарскі станок, вядома, не ўключалі, але паволі, напэўна, нейкім чынам дапамагаюць, таму што ёсць прадпрыемствы, якія скардзяцца на недахоп абаротных сродкаў. І я думаю, што паволі, дробнымі порцыямі, усё ж станок уключаюць».

На думку эканаміста Яраслава Раманчука, агучаныя Нацбанкам дадзеныя гавораць аб тым, што мы ўвайшлі ў зону высокай інфляцыі.

«І гэта, па сутнасці, адказ уладаў на тое, што зараз адбываецца ў эканоміцы. – кажа Раманчук. – Улады не могуць забяспечыць макраэканамічную стабільнасць ва ўмовах высокага ціску на знешні сектар, а таксама ў сітуацыі, калі ўнутры краіны прадпрыемствы і банкі не могуць эфектыўна планаваць і арганізоўваць вытворчыя працэсы. Я думаю, што рэальны паказчык перавышае 15 адсоткаў. Таму што розніца паміж інфляцыйнымі чаканнямі і зафіксаваным Нацбанкам узроўнем складае больш за 12 адсоткаў. Відавочна, што рэальная лічба павінна выглядаць больш за тую, якую нам агучылі».

Па меркаванні Раманчука, рост інфляцыі ў першую чаргу ўдарыць па самых беднай частцы насельніцтва, а таксама па бюджэтніках.

«Рост цэн «з’ядае» пенсіі і фіксаваныя заробкі бюджэтнікаў, – кажа эксперт. – Пад пытаннем застаюцца паводзіны курса рубля ў наступным годзе. Калі не зменіцца фіскальная палітыка, то ўзнікне яшчэ і рызыка дэвальвацыі».

Падзяліцца

НОВЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ