Меню Закрыть

Гомель: пратэстны настрой застаецца

Гомель. Выбарчая кампания
На фота: збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Уладзіміра Няпомняшчых


Рэжым намагаецца збіць пратэстныя настроі жорсткімі прысудамі актывістам.

7 красавіка актывіста АГП Уладзіміра Няпомняшчых пакаралі 2 гадамі і 6 месяцамі турмы пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за нібыта абразу і пагрозу пракурорцы Алесі Жураўскай, на карысць якой яшчэ і спагналі з асуджанага 1 000 рублёў.

Падставай для такога рашэння стала фраза «Арганізаваная злачынная групоўка», прамоўленая пасля абвяшчэння прысуду Георгію Васіленку за падняты на флагштоку бел-чырвона-белы сцяг на гомельскай плошчы. Пракурорка залічыла гэтыя словы на свой рахунак. І, як бачым, не без фінансавай карысці для сябе.

Безумоўна, абвінавачванне і тым больш прысуд абсурдныя, але разам з тым і тыповыя ў дачыненні да прыхільнікаў перамен. Зрэшты, чаго яшчэ чакаць ад служак рэжыму ў краіне, дзе правасуддзе ўжо даўно перастала атаясамлівацца са словам «справядлівасць», і працуюць адно толькі загады зверху?

А там не толькі падуладныя суды, але і свае страхі.

«Спадар Уладзімір быў вельмі актыўным у апошнія некалькі гадоў, – тлумачыць гомельскі актывіст АГП Васіль Палякоў. – Ён быў кандыдатам пратэсту, некалі працаваў ў міліцыі, хадзіў у цішотках «Надакучыў, сыходзь», «Саша 3%». Зразумела, што ўсё гэта разам і паўплывала на рашэнне завесці справу супраць яго. Наўрадці Жураўская сама напісала скаргу. Ёй загадалі, а суд штампуе рашэнне, якое таксама прыйшло зверху».

Мэта відавочная – ізаляваць і запалохаць.

«Уладзімір Няпомняшчых не з тых, каго можна запалохаць і зламаць. Ён вытрымае ўсё выпрабаванні, – упэўнены Васіль Палякоў. – Гэта больш скіравана на тых актывістаў, якія не так даўно ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту, каб яны баяліся актыўнічаць. Маўляў, будзеце актыўнічаць, і вас чакае такі лёс».

Вельмі паказальная с пункту погляду матывацыі захадаў мясцовых уладаў і справа супраць яшчэ аднаго гомельчука, праваабаронцы і сябра Палітсавета АГП Леаніда Судаленкі.

Ён быў затрыманы 18 студзеня гэтага года па дарозе на офіс. Яго адвезлі на допыт у Следчы камітэт, потым змясцілі ў ізалятар, а праз некалькі дзён перавялі ў СІЗА. Неузабаве яму было прад’яўлена абвінавачванне па ч. 1 і 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне і арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). А ў першы дзень красавіка стала вядома, што следства па справе Леаніда Судаленкі працягнулі да 18 траўня.

Чым не дагадзіў уладам ён?

«У справе Судаленкі найперш складнік як прававой, так і фінансавай дапамогі, – мяркуе Васіль Палякоў. – Таму меседж уладаў наступны: «Калі вы будзеце ўдзельнічаць у пратэстах, вам ніхто не дапаможа. Вам не дапамогуць скласці скаргу, вам не дапамогуць сплаціць штраф ці пакрыць выдаткі за харчаванне ў ІЧУ».

Аднак, не гледзячы на захады сілавікоў, пратэстныя настроі ў Гомелі не згаслі. Разам з тым горад не вылучыўся запамінальнымі масавымі акцыямі. Як тлумачаць гэта самі гомельчукі?

«У Гомелі людзі больш залежныя ад уладаў, – кажа Васіль Палякоў. – Тут больш дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў. Тут няма магчымасці як у Берасці ці Гародні займацца прымежным бізнесам. З прычыны гэтай залежнасці людзі больш асцярожныя. Але я не магу сказаць, што пратэстны настрой знік і гомельчукі гатовыя здацца ды паслухмяна рабіць тое, што будзе загадваць улада. Пратэст захоўваецца. Іншая справа, што ніхто не хоча рызыкаваць і змагацца з дубінкамі замест таго, каб весці цывілізаваную барацьбу, удзельнічаць у выбарах і падтрымліваць тых кандыдатаў, якія рэальна перамагаюць».

Падзяліцца

НОВЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ