Меню Закрыть

Эканоміка Беларусі: прагноз на 2022 год

2022

Незважаючы на аптымістычныя заявы беларускіх уладаў, аўтарытэтныя эксперты лічаць, што ў 2022 годзе нас чакае інфляцыя і зніжэнне ўзроўню жыцця.

Паводле падпісанага Аляксандрам Лукашэнка ўказа «Аб важнейшых параметрах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2022 год», рост валавога ўнутранага прадукту запланаваны ў памеры 102,9 асоткаў да ўзроўню цяперашняга года, а рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва – 102 адсоткаў. Таксама Нацбанку і ўраду даручана прыняць неабходныя меры па абмежаванні ў 2022 годзе інфляцыі на ўзроўні 6 адсоткаў.

Аднак, па меркаванні аўтарытэтных незалежных экспертаў, ажыццяўленне гэтых планаў малаверагоднае. Іх прызначэнне іншае – супакоіць насельніцтва.

«З аднаго боку, запланаваны паказчык вельмі слабы з пункту гледжання сусветнай эканомікі, якая развівалася больш высокімі сярэднімі тэмпамі. А паколькі мы не з’яўляемся краінай з высокім узроўнем ВУП, дык трэба было б даганяць астатніх і расці ў год па 7-8 адсоткаў, – лічыць экс-старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч. – З другога боку, ў цяперашніх умовах – калі імідж краіны ніжэй за плінтус, калі няма інвестыцый, а ёсць санкцыі, калі, па сутнасці, эканоміка не расце 10 гадоў (яе памер застаецца на ўзроўні 60 $60 млрд.) – заяўлены паказчык нават вельмі аптымістычны. Хутчэй у наступным годзе нас чакае не рост, а падзенне ВУП».

Што датычыць заробкаў і пенсій, на думку Багданкевіча, на сёння тут іншы галоўны паказчык ¬– інфляцыя на харчовыя тавары: «А яна сёння на некаторыя групы тавараў складае не менш як 15 адсоткаў. Гэта кажа, што ў той частцы насельніцтва, якая атрымлівае заробак ніжэй за сярэдні, назіраецца пагаршэнне ўзроўню жыцця».

Па меркаванні эканаміста Яраслава Раманчука, «усе прагнозы ў дакуменце беларускіх уладаў узятыя са столі ці высмактаныя з пальца».

“Наступны год будзе годам у найвышэйшай ступені нявызначанасці, – кажа Раманчук. – Мы не ведаем, да якой ступені і як будуць дзейнічаць санкцыі, якімі будуць кошты на энергетычныя тавары, металы, харчаванне, сыравіну. Мы не ведаем, у якіх умовах будуць працаваць буйныя беларускія прамысловыя прадпрыемствы. Зацверджаныя лічбы – ідэалагічны лозунг, закліканы супакоіць людзей».

Што датычыць заробкаў і дабрабыту насельніцтва, то, па меркаванні Раманчука, у 2022 годзе найбольш верагоднае скарачэнне прыбытку.

Падзяліцца

НОВЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ