Меню Закрыть

Стратэгія пераменаў

Аляксандр Дабравольскі
 На фота Аляксандр Дабравольскі

Спыненне гвалту, вызваленне палітзняволеных і правядзенне свабодных выбараў. Усяго гэтага можна дасягнуць праз дыялог з грамадствам, упэўнены тыя, хто сёння працуе над новай стратэгіяй дэмакратычных сіл.

Для Беларусі важна вярнуцца ў прававое поле, лічаць яны. Гэтага можна дасягнуць праз негвалтоўныя метады супраціву і агульнанацыянальны дыялог, які выведзе да зменаў і транзіту ўлады.

Першая стратэгія была перадвыбарчай. Па ацэнцы экспертаў, яна мела станоўчы вынік, дзякуючы не толькі самой стратэгіі, але і ўсім людзям, якія прагнуць пераменаў і працавалі на гэта.  Другая (поствыбарчая) стратэгія, як і папярэдняя, пераважна была скіраваная на працу з грамадскай думкай. Аднак, па меркаванню каманды Святланы Ціханоўскай, гэтага недастаткова.

«Зараз мы працуем над стратэгіяй, якая будзе інклюзіўнай, – распавядае адзін з распрацоўшчыкаў  Аляксандр Дабравольскі, кіраўнік Экспертнай рады пры АГП і палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай.  –  Мы сыходзім з таго, што вельмі шмат суб’ектаў, арганізацый, ініцыятыў хочуць пераменаў. Яны стаміліся ад беззаконня, якое зараз пануе ў краіне. Інклюзіўнасць стратэгіі азначае, што мы распрацоўваем асноўныя накірункі дзеянняў так, каб кожны грамадзянін, кожная арганізацыя маглі далучыцца, каардынавалі сваю працу ці нават без каардынацыі працавалі ў пэўных накірунках.

Акрамя працы з грамадскай думкай мы мяркуем наладзіць стасункі з некаторымі групамі, з якімі раней не працавалі. Гэта арганізацыйны накірунак – узмацненне арганізацый і людзей, якія працуюць на перамены, абарона іх правоў.

Таксама будзе праца ў рэсурсным накірунку. Мы збіраемся ўзмацняць рэсурсы тых, хто спрыяе пераменам і змяншаць рэсурс тых, хто супраць пераменаў. Мы будзем заклікаць людзей выходзіць з арганізацый, якія прыкідваюцца грамадскімі, а насамрэч з’яўляюцца дзяржаўнымі. Такіх, як напрыклад, “Белая Русь” ці БРСМ. Каб людзі, якія хочуць пераменаў, не плацілі падаткаў тым, хто атрымлівае грошы за тое, што супраць пераменаў.

Атрымае працяг праца ў маральна-псіхалагічным накірунку. Мы будзем узмацняць маральны дух. Ужо ўсім відавочна, што маральная перавага на баку прыхільнікаў перамен. Таму што яны не ўжываюць гвалту, не б’юць, не катуюць і не забіваюць нікога. Разам з тым мы хочам дэмаралізаваць тых, хто займаецца гвалтам. Каб людзі іх ведалі, каб людзі маглі іх асудзіць і сказаць сваё слова.

Гвалт – гэта прыкмета слабасці. І для нас вельмі важна захаваць негвалтоўны характар супраціву.

Яшчэ адзін накірунак – бяспека – азначае ўзаемадапамогу, салідарнасць, дапамогу тым, хто пацярпеў. Пры гэтым будуць захады, якія зробяць менш бяспечнай дзейнасць тых, хто займаецца гвалтам. На практыцы гэта азначае выкрыццё іх і прыцягненне да адказнасці па ўніверсальнай юрысдыкцыі. Сёння зроблены першы крок у гэтым накірунку. Неузабаве ў рамках універсальнай юрысдыкцыі ў Літве будуць пададзеныя яшчэ некалькі спраў пацярпелых ад катаванняў. Тое ж адбудзецца і ў іншых краінах.

Таксама гэта і санкцыі.

Увесь комплекс нашых захадаў павінен змяніць суадносіны сілаў прыхільнікаў пераменаў і тых, хто выступае супраць перамен.

Зараз гэтая праца вядзецца ва ўзаемадзеянні з Каардынацыйнай радай, з камандай Паўла Латушкі. Таксама плануецца далучыць да працы шмат іншых ініцыятыў, каб гэта была не стратэгія офіса ці кабінета Святланы Ціханоўскай, а была агульная стратэгія, у якой кожны мог бы знайсці сваё месца».

Падзяліцца

НОВЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ