Меню Закрыть

Дзень Волі – 2021

25 сакавіка
Фота Нашай Нівы

Беларусы адзначылі 103-я ўгодкі абвяшчэння БНР вечаровым салютам, бел-чырвона-белымі сцягамі на будынках і гудкамі аўтамабіляў

Улады забаранілі масавае святкаванне 103-х угодкаў абвяшчэння БНР і, мяркуючы па ўсім,  рыхтаваліся ў гэты дзень да сапраўднай вайны. На гэта ўказвалі паведамленні, якія з’явіліся раней. Так, аб’яднанне беларускіх сілавікоў BYPOL, спасылаючыся на інфармацыю са сваіх крыніц, папярэдзіла, што ў адным з будынкаў органаў унутраных спраў рыхтуецца здзяйсненне тэрарыстычнага акту, як частка плана па дыскрэдытацыі пратэстнага руху і яго поўнай ліквідацыі. Ускосна магчымасць такога сцэнару пацвердзіў і прадстаўнік уладаў, начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Міхаіл Грыб, паведаміўшы пра заклікі да ўдзелу 25 сакавіка ў несанкцыянаваных акцыях: «Асноўная мэта правакатараў – дэстабілізацыя абстаноўкі ў горадзе Мінску, ініцыяванне сутыкненняў удзельнікаў акцый з супрацоўнікамі міліцыі».

Нібыта ў пацвярджэнне версіі ўладаў раніцай 25-га прэс-служба рэгіянальнай міліцыі Жодзіна абвясціла пра тое, што ў горадзе «замініравалі» 12 школ і прадпрыемстваў. Неузабаве на вуліцах Мінска з’явіліся калоны спецтэхнікі і нават вадамёты. У дадатак да ўсяго прайшла інфармацыя, што ў накірунку Мінска рушыць калона БТРаў брэсцкай дэсантнай брыгады.

У страха вочы вялікія. І чым мацней страх рэжыму перад народам, тым вышэй агрэсія.

25 сакавіка
Фота Радыё Свабода

Падзеі дня разгортваліся на фоне ператрусаў, затрыманняў і судоў над прыхільнікамі пераменаў. Прысуды выносілі па «дзяжурных» артыкулах – 24.23 ч.1 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі І правядзення масавых мерапрыемстваў), 24.3 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы) і 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).

Пад раздачу трапіла і АГП. Раніцай 25 сакавіка да лідэра Бабруйскай арганізацыі АГП Галіны Смірновай прыйшлі з ператрусам. А ўдзень затрыманаму раней старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалаю Казлову прысудзілі 15 сутак арышту. Варта нагадаць, што яшчэ чацвёра партыйцаў сядзяць за кратамі па надуманых абвінавачваннях.

На працягу дня толькі ў Мінску былі затрыманыя 176 чалавек, і як мінімум 245 у 23 гарадах Беларусі. Затрыманні адбываліся і ў папярэднія дні. Маўляў, прэвентыўныя меры. Але назваць захады сілавікоў прэвентыўнымі мерамі неяк язык не паварочваецца, бо такія дзеянні сталі ледзь не штодзённай практыкай.

Ці напалохала ўсё гэта прыхільнікаў пераменаў? Не. 25 сакавіка яны яшчэ раз нагадалі, што не адступяць і не адмовяцца ад сваіх патрабаванняў. Занадта вялікай стала прорва паміж народам і ўладай – не зарасце.

Сёлета, як і ў папярэднія гады, людзі рыхтаваліся да мірнай акцыі, а не да вайны. Да адзначэння даты, якая атаясамліваецца з незалежнасцю дзяржавы, правам народа на самавызначэнне, правам быць гаспадарамі ў сваёй краіне і самім вырашаць яе лёс.

Улады забаранілі масавае святкаванне 103-х угодкаў БНР, але насуперак іх жаданню свята ўсё ж адбылося. Яно прагрымела вечаровымі і начнымі феерверкамі, бел-чырвона-белымі сцягамі на будынках гарадоў, гудкамі салідарных кіроўцаў, шэсцямі і  гучнымі «Жыве Беларусь!» у дварах мікрараёнаў.

А гэта значыць, перамены непазбежныя.

Падзяліцца

НОВЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ