
Ужо першыя дні пасля абвяшчэння даты прэзідэнцкіх выбараў паказалі, што беларускую ўладу не турбуюць рэкамендацыі АБСЕ і грамадзянскія правы беларусаў.
Мяркуючы па масавых затрыманнях, якія адбыліся цягам тыдня, пераабранне Лукашэнкі справа вырашаная і мусіць быць забяспечана любой цаной. У тым ліку шляхам ціску на грамадзянскую супольнасць і абмежаваннем правоў ды свабод грамадзян. Таму і дзеянні міліцыі ды судоў мінулымі днямі больш паходзілі на дэманстрацыю сілы і спланаваныя захады па запалохванню актыўных грамадзян: удзельнікаў выступаў у падтрымку экаактывістаў Брэста, затрыманых блогераў і грамадскіх актывістаў.
Ад 6 да 13 траўня ў краіне былі затрыманыя каля 120 чалавек за ўдзел у рознага кшталту мерапрыемствах. Паводле звестак праваабаронцаў, 50 чалавек былі асуджаныя на арышты тэрмінам ад 2 да 25 сутак. 20 чалавек атрымалі штрафы за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах на агульную суму ў 583 базавыя велічыні (15741 рубель).
Суды прайшлі ў 17 гарадах Беларусі: Мінску, Віцебску, Гомелі, Бабруйску, Магілёве, Оршы, Паставах, Полацку, Наваполацку, Глыбокім, Вілейцы, Гародні, Лідзе, Брэсце, Мазыры, Жлобіне, Мар’інай Горцы. У адным толькі Магілёве адбылося 17 судоў.
Патрапілі пад хвалю рэпрэсій і актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Так у Магілёве 8 траўня была затрыманая сябра Палітрады АГП, экс-кандыдат у дэпутаты ППНС Таццяна Сівачэнка. Прычым зроблена гэта было досыць цынічна. Яе забралі з дому ў дзень яе нараджэння і на тры дні адправілі ў ІЧУ. Больш за тое, пакаралі штрафам у 25 базавых велічынь за ўдзел у сустрэчы 5 траўня з блогерамі ютуб-канала «Краіна для жыцця».
Затрыманне 8 траўня трох сябраў Міёрскай арганізацыі АГП больш паходзіла на выкраданне. Валерыю Валажонку, Віктару Шульге ды Віктару Курыловічу не дазволілі нават папярэдзіць сваякоў. Фактычна людзі без вестак зніклі на 3 дні і знаходзіліся ў ІЧУ да суда. Валажонку і Шульге вынеслі папярэджанне, а Віктара Курыловіча суд пакараў арыштам на 3 сутак. Падставай для затрымання стаў іх удзел у роліку блогера Ціханоўскага.
9 траўня затрымалі лідэра Бабруйскай арганізацыі АГП Галіну Смірнову, актывістаў Уладзіміра Раманоўскага і Аляксандра Барысенку, якія выйшлі карміць галубоў. Пасля таго, як яны раздалі газеты, з’явіўся аўтазак. Іх затрымалі і адправілі ў ІЧУ…
Аднак больш за ўсіх пацяпеў сябра АГП Міхаіл Чамурака з Дуброўна. Яго затрымалі 13 траўня і адразу адвезлі ў аршанскі суд. Па арт. 23.34 ч.1 яму прысудзілі 12 сутак арышту за ўскладанне кветак 10 траўня да помніка «Кацюшы» і Леніну ў Оршы.
Пад пераслед трапілі нават журналісты і праваабаронцы, якія назіралі ці асвятлялі акцыі. Але на гэтым улады не спыніліся. Бліжэйшыя суды чакаюцца ў Мінску, Брэсце, Пінску, Вілейцы, Маладзечне.
Разгортванне рэпрэсій і парушэнне правоў грамадзян былі настолькі відавочнымі, што выклікалі абурэнне не толькі ў грамадзян Беларусі, але і па-за яе межамі.
Занепакоенасць затрыманнямі мірных грамадзян выказалі прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петэр Стана, прадстаўнікі АБСЕ, «Рэпартэры без межаў». А група літоўскага Сейма “За дэмакратычную Беларусь” заклікалі Літву адрэагаваць на рэпрэсіі супраць беларускай апазіцыі і грамадства. «Літва не можа маўчаць, калі дыктатарскі рэжым у суседняй дзяржаве пераследуе сваіх грамадзян толькі таму, што яны на законных падставах выкарыстоўваюць сваё права на свабоду слова, сходаў, іншыя грамадзянскія і палітычныя правы», – заявілі літоўскія парламентарыі.
Тое, што адбываецца сёння ў Беларусі, па сутнасці азначае, што цяперашняе кіраўніцтва дзяржавы не атаясамлівае сябе з народам, не мае ў ім апірышча і не здольнае перамагчы на сапраўды дэмакратычных выбарах. Зрэшты, яно і само гэта добра разумее. Таму і сродкі ўтрымання ўлады штогод становяцца ўсё больш вычварнымі і жорсткімі. Вось толькі расплачваюцца за гэту прагу ўлады даводзіцца мільёнам беларусаў адсутнасцю дэмакратычных свабод і грамадзянскіх правоў.
Владимир Давыдовский