Меню Закрыть

Раманчук: Ціск на ІП – гэта помста за палітычную актыўнасць

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Жорсткія захады ўладаў у дачыненні да прадпрымальнікаў будуць мець разбуральныя для краіны наступствы, лічаць эканамісты.

У лютым Аляксандр Лукашэнка заклікаў бізнесменаў пачынаць працаваць на дзяржаву, інакш «спуску не будзе, калі адступіце ад гэтай лініі». У ліпені на нарадзе з кіраўніцтвам Саўміна запатрабаваў навесці парадак з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, а 19 жніўня грунтоўна прайшоўся па беларускаму бізнесу і ўзняў пытанне аб падатках.

Неўзабаве стала вядома, што Мінфін плануе павялічыць падатак для ІП, якія прымяняюць агульную сістэму падаткаабкладання, да 18%, адмяніць адзіны падатак па большасці відаў дзейнасці ІП, абмежаваць пералік відаў дзейнасці і колькасць работнікаў.

– Жаданне Аляксандра Лукашэнкі разабрацца з прадпрымальнікамі – гэта чарговы стрэл сабе ў нагу, – мяркуе эканаміст і сябра АГП Леў Марголін, – таму што гэты крок зробіць неплацежаздольнымі і неканкурэнтаздольнымі мноства прадпрымальнікаў. Частка з іх будзе вымушана сысці ў шэрую зону, частка папоўніць шэрагі беспрацоўных.

Па меркаванні Льва Марголіна, прычына ўсіх гэтых заяў пра ІП заключаецца ў тым, што Лукашэнка не можа трываць тых людзей, якія ад яго незалежныя:

– Для яго існуюць толькі тыя прадпрыемствы, якія можна кантраляваць: наўпрост, з дапамогай падатковай інспекцыі або праўладных прафсаюзаў. Паколькі прадпрымальнікі да такой кагорты не належаць, ціск на іх ідзе ўжо даўно. Калісьці прадпрымальнікам забаранілі браць наёмных работнікаў, прымушалі перарэгістравацца ва ўнітарныя прадпрыемствы. Але, відаць, тады ўсё-такі былі ва ўладзе людзі больш-менш цвярозыя – гэтыя патрабаванні паступова атрымалася нівеліраваць. Аднак цяпер, падобна, адбываецца чарговае абвастрэнне гэтай вечнай хваробы. І зараз, я думаю, Лукашэнка сваю задуму ўсё ж такі давядзе да канца: губляць яму ўжо проста няма чаго.

На думку эканаміста Яраслава Раманчука, узмоцнены ціск на ІП – гэта помста за палітычную актыўнасць:

– Зарабіўшы трохі грошай, гэтыя людзі пачалі праяўляць сваю грамадзянскую пазіцыю. Якія рыхтуюцца захады – пакаранне і помста за палітычную актыўнасць. А таксама спосаб павялічыць попыт на тавары і паслугі дзяржпрадпрыемстваў і манаполій. Уладам не патрэбны самастойны бізнес, а патрэбныя выканаўцы дзяржаўнага плана.

Ад такіх захадаў бюджэт толькі прайграе, мяркуе Раманчук.

– Але бюджэт – гэта ўсяго толькі адно з шматлікіх негатыўных наступстваў, – кажа эканаміст. – ІП – гэта людзі, якія самі сябе займаюць, самі сябе кормяць і забяспечваюць сваіх дзяцей і бацькоў. Асабліва ў правінцыі і невялікіх гарадах. Калі ўлады знішчаць гэтую праслойку, то пад пагрозай ад’езду з краіны аўтаматычна апынецца каля паўмільёна чалавек.

Падзяліцца

НОВЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ