Меню Закрыть

Галоўны вораг рэжыму – рэформы

Леў Марголін
На фота: Леў Марголін


Калі ўрад абраў за мэту захаванне сваёй улады, а не эканамічны рост і росквіт дзяржавы, чакай бяды

Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у мінулым годзе доля стратных прадпрыемстваў у дзяржсектары была высокай – 13,1%, а ў Магілёўскай вобласці надзвычай – 18%. Колькасць стратных прадпрыемстваў вырасла з 935 у 2019-м да 1 040 у 2020-м, а чыстыя страты – у 3,5 разы (да 6,3 млрд. рублёў).

Па выніках 2020 года чысты прыбытак у дзяржсектары склаў ўсяго 242,1 млн руб. Для параўнання: у 2018 годзе ён быў на ўзроўні 1,8 мілрд. рублёў, а ў 2019 годзе – амаль 5,5 млрд. рублёў.

Такім чынам, чысты прыбытак у дзяржсектары летась скараціўся ў параўнанні з 2018-м прыкладна ў 7,3 разы, а ў параўнанні з 2019-м – у 22,7 разы.

Пры гэтым чыста дзяржаўныя арганізацыі (без удзелу прыватнага капіталу) закончылі 2020 год з чыстымі стратамі ў 1,3 млрд. рублёў.

Варта ўлічыць і тое, што дзяржава штогод аказвае дзяржсектару падтрымку.

«Такі сумны вынік быў дасягнуты кампаніямі з удзелам дзяржавы пры інвестыцыях у асноўны капітал у эквіваленце $ 6,9 млрд., што складае 58,5% усіх інвестыцый у эканоміцы», – адзначыў эканаміст Яраслаў Раманчук.

Паводле яго словаў, за 2016-2020 гады дзяржава дапамагла камерцыйным арганізацыям з удзелам дзяржавы на суму $ 37 млрд, а яны за гэты час зарабілі чыстага прыбытку толькі $ 6,9 млрд, або ў 5,4 разы менш, чым атрымалі дапамогі – «за кошт падаткаплацельшчыкаў і спажыўцоў».

«Дык навошта нам такая дзяржава? –  небеспадстаўна запытваецца эканаміст.

Па меркаванні адмыслоўцаў, выйсцем з крытычнай сітуацыі магла б стаць прыватызацыя прадпрыемстваў.

«Дзяржаўная ўласнасць павінна прыносіць прыбыткі або павінна быць прыватызаваная», – лічыць эканаміст Леў Марголін.

На яго думку, пераканаўчым аргументам на карысць такога падыходу з’яўляецца сусветны вопыт:

«Калі параўноўваць краіны з рынкавай эканомікай і краіны з планавай эканомікай, то гэтае параўнанне заўсёды не на карысць апошніх. Мы гэта цудоўна бачылі ў савецкія часы, калі маглі параўноўваць узровень жыцця ў ФРГ і ГДР. Цяпер можна параўнаць Паўднёвую Карэю (адна з самых высокаразвітых краін свету) і Паўночную Карэю (адна з самых бедных краін свету). Таму тут пытанняў увогуле-то няма. Прыватызацыя – гэта не проста добра для эканомікі, гэта яшчэ і адзіны выхад, калі яна хоча далей існаваць».

Аднак перашкодай для гэтага, па меркаванні эканаміста, з’яўляецца сам Лукашэнка і выбудаваная ім адміністратыўна-камандная мадэль.

«Галоўная мэта Лукашэнкі – захаваць уладу і тым самым захаваць сябе, – кажа Леў Марголін. – А гэта значна прасцей зрабіць пры дзяржаўных прадпрыемствах, якія залежыць ад уладаў. Прыватны сектар таксама можна падпарадкаваць і прыціснуць да пазногця. Але зрабіць гэта ўсё ж больш складана. Вось таму Лукашэнка пярэчыць прыватызацыі».

Па меркаванні Льва Марголіна, прыватызацыя ў цяперашніх умовах можа быць толькі вымушанай, калі недахоп грошай у дзяржбюджэце будзе пагражаць рэжыму асабістай улады. Тады Лукашэнка «можа прадаць усё, што заўгодна». Як гэта было, напрыклад, з продажам «Белтрансгаза» Расеі.

.

Падзяліцца

НОВЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ